СВЕТЛАГО́РСКАЯ ЦЭЦ Пабудавана ў 1958 (першая чарга) у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як Васілевіцкая ДРЭС. Другая чарга пушчана ў 1965. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю цеплафікацыйных турбін у 1978 ДРЭС атрымала сучасную назву. У 1983—86 усе катлы ЦЭЦ пераведзены на выкарыстанне ў якасці паліва — газу і мазуту. Цяпер асн. паліва — спадарожны гаручы газ нафтавых радовішчаў з Беларускага газаперапрацоўчага завода і прыродны газ (з Расіі). ЦЭЦ мае 4 цеплафікацыйныя турбіны, 9 паравых катлоў і 1 воданагравальны кацёл. Магутнасць ЦЭЦ — 260 МВт/гадз электраэнергіі і 841 Гкал/гадз цеплаэнергіі. Забяспечвае цепла- і электраэнергетычныя патрэбы прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Светлагорск.
т. 14, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)